Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне ўпэўнена займае ганаровае месца ў фестывальным руху Беларусі. Гэта мерапрыемства цалкам адлюстроўвае магчымасці нацыянальнай культуры, яе ўнікальныя асаблівасці, беларускую багатую народную спадчыну, дазваляе ў поўнай меры дакрануцца да самабытнай беларускай культуры. Наогул, гэта адзіны фестываль, які мае стасус “Нацыянальны” і вызначае культурную прастору сучаснай Беларусі.
Заснавальнікі фестывалю – Маладзечанскі гарадскі выканаўчы камітэт (зараз раённы), дырэктар-мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Заслужанага калектыву “Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі” – народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, лаўрэат прэміі Саюзнай дзяржавы, кавалер ордэна Францыска Скарыны, прафесар Міхаіл Фінберг.
Арганізатарамі мерапрыемства з’яўляюцца Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Мінскі абласны выканаўчы камітэт, Маладзечанскі раённы выканаўчы камітэт, ДУ “Палац культуры г.Маладзечна”, Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі, Белтэлерадыёкампанія.
Фестываль праводзіцца ў мэтах:
далучэння шырокіх колаў насельніцтва краіны да нацыянальных каштоўнасцей, беларускай музыкі, паэзіі і мовы;
папулярызацыі новых твораў сучасных беларускіх паэтаў і кампазітараў;
пошуку таленавітых выканаўцаў і рэалізацыі іх творчага патэнцыялу;
пашырэння творчых кантактаў майстроў мастацтваў Беларусі;
духоўнага, эстэтычнага і патрыятычнага выхавання слухачоў;
прапаганды “жывога” гучання на канцэртах фестывалю.